Са старонак падручнікаў і кніг беларусам і беларускам неаднаразова расказвалі пра рамантычнае і нешчаслівае каханне паміж Марыляй Верашчакай і Адамам Міцкевічам — класікам польскай літаратуры, які нарадзіўся ў цяперашнім Баранавіцкім раёне. Свае пачуцці яны нібыта пранеслі праз усё жыццё. У рэальнасці ўсё было крыху іначай — доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед падзяліўся падрабязнасцямі ў сваім артыкуле «У цені Марылі Верашчакі (Путкамер): Караліна Кавальская — муза Адамa Міцкевіча», апублікаваным у апошнім нумары часопіса Studia Białorutenistyczne.
Разбураны мост пабудаваў раман
Пачнём з кананічнай гісторыі адносінаў Міцкевіча і Верашчакі. У 1818-м 20-гадовы паэт прыехаў у госці да сваіх сяброў у маёнтак Туганавічы (цяпер гэта аграгарадок Карчова Баранавіцкага раёна). Там Міцкевіч пазнаёміўся з іх сястрой, маладзейшай за яго на год Марыляй Верашчакай, і закахаўся — «аднойчы і назаўсёды».
Дзяўчына, праўда, ужо заручылася з графам Ваўжынцам Путкамерам. У лютым 1821-га яна ўзяла з апошнім шлюб і пераехала ў маёнтак у Больцініках (вёска ў Воранаўскім раёне). «Адам, даведаўшыся пра гэта, стаў падобны да абвугленага дрэва», — так апісвалі яго стан. Паэт быў у адчаі і нібыта мог дайсці да самагубства.
Па легендзе, Марыля яшчэ чатыры гады захоўвала вернасць Адаму і з мужам жыла «як з братам». Вясной 1822 года паэт цягам двух тыдняў гасцяваў у Больцініках: Путкамер лічыў, што яго жонка добра выхаваная і не здзейсніць непрадуманага ўчынку — таму не перашкаджаў іх размовам. Вядомае і паданне, што падчас таго візіту Путкамер даў закаханым двух коней і адпусціў іх на цэлыя два тыдні, маўляў, закрываў вочы на дурыкі маладой жонкі.
Пасля той сустрэчы Міцкевіч і Верашчака ніколі не бачыліся: восенню 1824-га паэта выслалі ў Расію за ўдзел у таемных таварыствах, а ў 1829-м ён эміграваў у Заходнюю Еўропу. Аднак яны «гэтае каханне пранеслі праз усё жыццё».
Што было ў рэальнасці? Міцкевіч сапраўды быў закаханы. Але працягласць адносін з Верашчакай і іх маштаб былі нашмат меншыя, чым можна меркаваць з тэкстаў, на якія мы спасылаемся вышэй.
У 1819-м паэт скончыў Віленскі ўніверсітэт і ў верасні таго ж года выправіўся ў Коўна (цяпер Каўнас), каб шэсць гадоў адпрацаваць у мясцовай павятовай школе стыпендыю, якую ён атрымліваў падчас вучобы. Там ён пазнаёміўся з Каралінай Кавальскай (дзявочае прозвішча — Вагнер) — дачкой віленскага аптэкара. Ёй было каля 25 гадоў, то-бок крыху старэйшая за Адама. Ужо амаль 10 гадоў Караліна была замужам і мела чатырох дзяцей (двух сыноў і дзвюх дачок). Старэйшы сын быў вучнем Міцкевіча.
Жылі Міцкевіч і Кавальская па суседстве. Ён — у будынку былога езуіцкага калегіума, яна — у доме насупраць. Выявы гэтай жанчыны не захавалася, але ўражанне можна скласці па апісанні. «Прыгажэйшай ад яе жанчыны цяжка было б уявіць. <…>. Фігура, рысы, погляд, усмешка маглі б служыць за мадэль скульптарам і мастакам, тым больш, што яе вопратка нагадвала хутчэй артыстычныя туалеты, а не ўзоры модных часопісаў», — згадваў Антоні Адынец, паэт і сябра Міцкевіча. Паводле яго, Кавальская, з якой Адынец сябраваў дваццаць гадоў, «мела энергічны і незалежны характар; была поўная абаяльнасці, годнасці і натуральнасці ў адносінах».
«Ведаючы характар пані Кавальскай, можна дапусціць, што яна першая жадала зблізіцца з Міцкевічам і пазнаёміцца з гэтым новым ковенскім настаўнікам, <…>, асабліва ўлічваючы тое, што ўжо разыходзілася пра яго паэтычная слава і гэта абуджала яе цікавасць. Магчыма, ад прэфекта школы што-небудзь даведалася пра прыгнечанасць, якая непакоіла маладога настаўніка, і што гэта яе справай было ўцягнуць яго ў падарожжы, якія дапамогуць яму разагнаць меланхолію», — лічыў даследчык Юзаф Трацяк. Прыгнечанасць, мяркуючы з усяго, тлумачылася немагчымасцю быць разам з Верашчакай.
Хутчэй за ўсё, раман Міцкевіча з Кавальскай пачаўся яшчэ ў лістападзе 1819 года, калі муж Караліны, доктар медыцыны Юзаф Кавальскі, паехаў у іншы горад, а рака Нёман разбурыла мост і на тыдзень зрабіла немагчымым яго вяртанне.
Эрометр і ніякага адчаю ад шлюбу былой каханай
«Ніколі на мяне Кавальская не рабіла вялікага ўражання аж да таго часу, пакуль не ўбачыў, як яна дзьме на жар пад кафейнікам! Адкуль жа гэта? Румянец, а хутчэй жар, празмерны для далікатнага вока, здаўся б несентыментальным, не вельмі прывабным, мне ж паказаў у яе асобе анёла, Венеру і г. д. і г. д. — словам, я вырашыў не бываць у Кавальскіх цэлыя два месяцы», — пісаў Міцкевіч свайму сябру, паэту Яну Чачоту, ў пачатку 1820 года.
У тым жа лісце ён дадаў: «Гута ўжо астыла, рамантычныя агні патухлі». Звычайна гэта трактуюць у прамым сэнсе: маўляў, паэт згадваў гуту (завод па вырабе металаў або шкла), якую наведаў у той час. Але Вячаслаў Швед мяркуе, што такім чынам Міцкевіч праводзіў паралель са станам сваіх пачуццяў да Марылі.
У гэтым ёсць свая логіка: у лістах Міцкевіча да свайго сябра, паэта Тамаша Зана, маёнтак Туганавічы і прозвішча Верашчакаў першы раз з’явіліся толькі ў жніўні 1820 года. І гэта ў час, калі ў лістах ужо хапала красамоўных падрабязнасцяў пра Кавальскую.
Больш за тое, і Міцкевіч, і Зан, і Чачот, і Адынец належалі да таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Сябры гэтых арганізацый прыдумалі віртуальны эрометр — апарат, падобны да тэрмометра, прызначаны для вымярэння тэмпературы любоўных пачуццяў. Па ім Караліна Кавальская мела да 80 градусаў са 100, а Марыля Верашчака — толькі 45.
З лістоў Міцкевіча з Коўна, датаваных сакавіком 1821-га, сябры даведаліся, што пачуцці паміж ім і Кавальскай толькі ўзмацніліся. У тым жа месяцы Францішак Малеўскі пісаў Юзафу Яжоўскаму (абодва — сябры паэта): «Адам, відаць, пралез праз вочы (а дакладней, пэўна, праз вушы) да сэрца гэтай <…>. Апісвае вечар, гэта значыць ноч, якую правёў з ёю сам-насам. Усяго, ад забавы да смутку, было, як кажа, столькі, колькі трэба, дыханне пякучае (выказванне пані Кавальскай) і т. д., і т. п. Але ўсё вельмі велічна».
Нагадаем, што за месяц да гэтага, у лютым 1821-га, Марыля Верашчака ўзяла шлюб. Але ніякага адчаю ці намёкаў на самагубства няма. Наадварот, Міцкевіч радаваўся жыццю. Караліна купіла фартэпіяна (сама яна на ім не грала) і арганізоўвала музычныя вечарыны, каб Адам мог штодзень слухаць любімую музыку. Яна купляла найноўшыя нямецкія кнігі, якія цікавілі каханага, і выпісвала замежныя часопісы. Разам яны ездзілі на конныя прагулкі ў ваколіцах Коўна — пазней апошнія былі выяўленыя ў творах «Гражына» і «Конрад Валенрод».
Скандал і выклік на дуэль ад мужа каханкі
Увесь гэты час муж Караліны не здагадваўся пра іх раман. У красавіку 1821 года ў доме Кавальскіх гулялі ў карты Міцкевіч, Караліна і нейкі Нартоўскі. Апошні сказаў нешта, што Адаму паказалася непрыемным, і ён даў крыўдніку карту, сказаўшы: «Лепш гуляй, а глупства не кажы».
«Калі той [Нартоўскі] адкінуў карты, Адам ударыў яго ў вуха так, што той пакаціўся на падлогу. Кавальская страціла прытомнасць. Нартоўскі паспрабаваў устаць і караскаўся па наваскаванай падлозе; Адам схапіў ліхтар і кінуў яго ў лоб Нартоўскага. На шум прыбег Кавальскі, абяззброіў. Нартоўскі пачаў, у прысутнасці мужа, папракаць Кавальскую за яе патаемны раман. Скончылася тым, што ўсе разышліся», — згадваў Францішак Малеўскі, сябра Міцкевіча.
На наступны дзень Кавальскі і Нартоўскі выклікалі Міцкевіча на дуэль: Кавальскі — за крыўду дому, Нартоўскі — за збіццё. На трэці ці чацвёрты дзень да Міцкевіча прыехалі секунданты з Вільні (цяпер Вільнюс). Але дуэлі не адбылося. Караліна папрасіла дапамогі ў службовай асобы, якая адказвала за школы — па сутнасці, звярнулася да начальніка паэта, які выступіў як медыятар спрэчкі. Пасля перамоваў Кавальскі пайшоў да Міцкевіча і спытаў: «Ці любіш маю жонку?»
«Адказы Адама задаволілі яго [Кавальскага], і яны дасягнулі згоды», — адзначае Швед. Але што менавіта адказаў паэт, не ўдакладняецца. У выніку Нартоўскі папрасіў прабачэння ў Кавальскай і Міцкевіча. Таксама ён прапанаваў паэту, каб і той выбачыўся перад Каралінай, але Адам адмовіўся. Урэшце вырашылі: калі Міцкевіч прыйдзе ў дом Кавальскіх, Нартоўскаму давядзецца сысці і наадварот, каб абодва адначасова не знаходзіліся ў адным памяшканні.
Вясной 1821 года Малеўскі пісаў Яжоўскаму пра Караліну, якая з мужам і дочкамі праводзілі секундантаў назад у Вільню: «Гэта была багіня; яна хацела паказаць перад трыма секундантамі, што трэба весці за яе барацьбу; Адам быў ангелам, нібы бог, вочы яго лучыліся жывым святлом, постаць меў цудоўную, рады быў, што вярнуўся добры спакой, важнічаў, што меў такую каханку, што перад сябрамі мог так добра, „як муж“, выступаць».
У той жа дзень Міцкевіч напісаў Чачоту, што Нартоўскі другі раз выклікаў яго на дуэль. Яе таксама ўдалося пазбегнуць: дамовіліся, што Нартоўскі зможа наведваць дом Кавальскіх у любы час.
«Быў у даліне ўчора (у аўторак) а другой гадзіне ў вялікую гарачыню з дамай, якая пазней пад’ехала, пакінуўшы дрожкі на гасцінцы. Мала неставала да звар’яцення, толькі часта нас міналі сяляне, якія выціналі хвораст, і гэта абараніла нас ад неэстэтычных спакус», — дадаваў Міцкевіч у тым жа лісце. Аднак далей адбыўся канфлікт: «Але ў канцы мяне трохі збянтэжыла моцная і нават страшная, з іншага боку, заява, што я ва ўсім вінаваты, паколькі да гэтага прывучыў; пастаўленае пытанне на тэму канікулаў, і сцэна закончылася меланхалічна».
Гэта былі першыя намёкі на блізкае растанне.
Адпачынак на моры — і канец гісторыі
У траўні 1821 года Міцкевіч захварэў і быў вымушаны ляжаць у ложку. Караліна апекавалася ім. «Так, я быў аж да вар’яцтва эстэтычным у часы гэтых дуэляў. Але цяпер, на жаль, уяві сабе, калі можаш, багіню з валасамі, якія пераліваюцца на плячах, сярод муслінаў, на цудоўным ложы, у прыгожым пакоі. На гэтую багіню гляджу штодзень, але эстэтыка выветрылася», — пісаў паэт сябру Ануфрыю Петрашкевічу.
Восенню таго ж года пачуцці паміж Міцкевічам і Кавальскай ахаладзелі, але адносіны працягваліся. У траўні 1823-га ў Коўна прыехаў Антоні Адынец. Міцкевіч турбаваўся, бо не ведаў, куды пакласці госця. Але на дапамогу прыйшла Караліна, якая засцяліла канапу і даставіла да яе крэслы.
У самым пачатку восені 1823 года Міцкевіч пісаў Чачоту пра сваё жаданне выехаць з Коўна ў Вільню, бо мясцовыя вучні яму абрыдлі. «Я маю тут сяброўку, якая мне тут прыносіць асалоду, хоць і так цяжка зношу; мы прывыклі да размоў, да заўваг, да супольнага баўлення часу. Мой ад’езд вельмі яе засмуціць», — пісаў ён, відавочна, пра Кавальскую. Заўважым, што ў мінулым, 1822 годзе Адам два тыдні прагасцяваў у Марылі Верашчакі. Але мяркуючы з кантэксту, іх адносіны ў той час мелі платанічны характар.
У траўні 1823 года Міцкевіч канчаткова парваў сувязі з Марыляй, а пасля паехаў на адпачынак на Балтыйскае мора, недалёка ад сучаснага Калінінграда, дзе ўжо была Караліна са сваёй 16-гадовай пляменніцай. Там ён даведаўся пра арышт Яна Чачота — пачыналася справа філаматаў і філарэтаў. Праз гэта Міцкевіч тэрмінова вярнуўся ў Коўна, бо выехаў з Расіі нелегальна, без пашпарта. Мяркуючы з усяго, ён не хацеў яшчэ аднаго абвінавачання.
У кастрычніку 1823 года Міцкевіча таксама арыштавалі. Кавальская была сярод тых, хто дапамагаў як яму, так і іншым арыштаваным. Яна сустракала Адама на выхадзе з турмы ў красавіку 1824 года, пасяліла яго з Адынцом у сваёй віленскай кватэры, а пасля арганізавала Міцкевічу жыллё ў сваёй сястры ў Вільні. У тым самым годзе паэта адправілі ў ссылку ў Расію. Туды ён паехаў праз Коўна, дзе затрымаўся на тры дні. Магчыма, у гэты час ён жыў у доме Кавальскіх. З таго часу Караліна і Адам больш не бачыліся.
Стылізаваны міф
Праз 30 гадоў пасля апісаных падзей Кавальская сказала Адынцу, што Міцкевіч «быў для яе ў жыцці найвышэйшым ідэалам чалавека, духам якога натхнялася сама».
Даследчык Богдан Урбанкоўскі так пісаў пра стасункі Міцкевіча з Кавальскай: «Гэта было яго першае праўдзівае, да канца споўненае каханне — каханне, поўнае ўзаемнага захаплення, але і пачуццёвай асалоды, якую можа даць толькі дасведчаная жанчына, каханне, спалучанае з мацярынскай апекай (а паэт акурат страціў маці!), але і з драматычнымі спрэчкамі, <…>, каханне закончанае расстаннем, у якім ніхто з іх не быў вінаватым. У іх адносінах было ўсё, што магло быць у каханні. Без гэтага ўсяго — без хвалявання, пяшчот, нават спрэчак — каханне было б толькі пустым словам».
Кавальская памерла ў лістападзе 1855 года. Міцкевіч перажыў яе на 10 дзён. Марыля Верашчака пайшла ў іншы свет у 1863-м.
Але чаму на доўгія гады пра Кавальскую забылі, а гаворка ішла выключна пра Верашчаку? Як адзначала даследчыца Дарота Самборская-Кукуць, «у пэўнай ступені гэтыя адносіны (Марылі і Адама. — Заўв. рэд.) былі стылізаваныя пад рамантычны міф, каб задаволіць грамадскі попыт на ідэальнае каханне».
Вобраз Марылі як ідэальнай платанічнай каханкі з’явіўся ў біяграфіі Міцкевіча, якую напісаў яго сын. Пазней гэтае меркаванне атрымала шырокі распаўсюд. Акрамя таго, відаць, тлумачэнне даволі празаічнае: замужняя шматдзетная жанчына не падыходзіла пад канцэпцыю «ідэальнай каханкі», таму на стагоддзі засталася ў цені.
Чытайце таксама



