Першым алфавітам, які з’явіўся на нашых землях, была кірыліца — тая самая, якую мы выкарыстоўваем у паўсядзённым жыцці і якой напісаны гэты тэкст. Пазней прыйшла лацініца. Але існуе і трэці алфавіт — арабіца, створаная на аснове арабскага пісьма для запісу нашай мовы. Адкуль яна з’явілася і кім выкарыстоўвалася, у чым былі яе асаблівасці і якія кнігі на ёй ствараліся, а таксама хто вывучаў арабіцу і які яе цяперашні стан — расказваем.
Якім алфавітам пісалі жыхары старажытнай Беларусі?
Першай на сучаснай тэрыторыі Беларусі з’явілася кірылыца. Адбылося гэта не пазней за хрышчэнне Русі (988 год). Магчыма, усходнія славяне ведалі пісьменнасць і да прыняцця хрысціянства, але дакладных звестак на гэты конт пакуль няма. Кірыліцу выкарыстоўвалі для запісу на трох мовах:
- царкоўнаславянскай (стараславянская мова ва ўсходнеславянскай рэдакцыі),
- старажытнарускай (агульнай ва ўсіх славян да пачатку XIV стагоддзя),
- старабеларускай (пасля таго, як яна аддзялілася ад старажытнарускай).
У канцы XVI стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі стала распаўсюджвацца лацініца (ці — у беларускім выпадку — лацінка) — яе выкарыстоўвалі, каб запісаць лацінскімі літарамі тэкст, першапачаткова створаны на кірыліцы старабеларускай мовы. У гэтага быў шэраг прычын: аб’яднанне Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай, дзе выкарыстоўвалі лацінскі алфавіт; развіццё Рэфармацыі (руху па абнаўленні каталіцкай царквы, што прывяло да ўзнікнення пратэстантызму), а затым і Контррэфармацыі; распаўсюджванне адукацыі ў еўрапейскім духу і гэтак далей.
Але яшчэ раней за лацінку для запісу старабеларускай мовы сталі выкарыстоўваць беларускі арабскі алфавіт, або беларускую арабіцу. Яна створаная на аснове арабскага пісьма.
Зрабілі гэта татары. На тэрыторыі сучаснай Беларусі яны з’явіліся ў пачатку XIV стагоддзя — іх запрашалі на службу і выкарыстоўвалі ў барацьбе з Тэўтонскім ордэнам. Пазней, у канцы XIV — пачатку XV стагоддзяў, праз запрашэнне вялікага князя літоўскага Вітаўта на нашыя землі прыехала шмат добраахвотных перасяленцаў з гэтай этнічнай групы. З пачатку XVI стагоддзя, калі Крымскае ханства зрабілася саюзнікам Масквы і стала рабіць напады на нашы землі — з’явіліся і татары-палонныя.
Часам сустракаюцца даныя, што сярод жыхароў ВКЛ было да 50 тысяч татараў. Але нават энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» не называе дакладную лічбу. Нягледзячы на тое, што татараў было даволі шмат, яны не мелі права ўдзельнічаць у выбарах у сойм і мясцовыя соймікі, займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады, аднак маглі вызнаваць іслам і будаваць мячэці.
Як з’явілася патрэба ў арабіцы?
Паступова сувязі перасяленцаў з гістарычнай радзімай сталі згасаць. У татарскіх палонных і ўцекачоў не хапала нявест-татарак. Таму — з дазволу каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх — яны сталі браць шлюбы з хрысціянкамі. Гэта паўплывала на звычай беларуска-літоўскіх татар мець толькі адну жонку (па шарыяце ж дазваляецца да чатырох). Пакрысе ішлі і іншыя працэсы асіміляцыі, падчас якіх прадстаўнікі гэтай этнічнай групы захавалі этнічную самасвядомасць, але падвергліся значнаму беларускаму культурнаму ўплыву.
У 1557−1558 гадах невядомы татарын напісаў цыдулку-справаздачу турэцкаму султану Сулейману I (пры ім Асманская імперыя знаходзілася на піку магутнасці). У гэтым дакуменце ішла гаворка пра татараў-перасяленцаў у Беларусі ды Літве і канстатавалася: пераважная большасць татараў ВКЛ не ведала сваёй мовы, якая належала да кыпчакскай групы цюркскіх моў. У выніку ў XVI — пачатку XVII стагоддзя татары паступова страцілі яе і сталі карыстацца беларускай; пазней — таксама польскай, а з XIX стагоддзя — і рускай.
Але алфавіт — як кірылічны, так і лацінскі — быў нязвыклым для іх успрымання. Таму татары сталі перакладаць мусульманскую літаратуру на старабеларускую мову, захаваўшы вонкавае афармленне без змен. Беларуская арабіца стала ўжывацца з XV стагоддзя, адлік у яе існаванні як сістэмы вядуць з наступнага, XVI стагоддзя.
На арабіцы былі створаныя шматлікія рукапісныя зборнікі. Гаворка пра:
- тэфсіры (тлумачэнні Карана);
- тэджвіды (правілы чытання арабскага тэксту Карана);
- хамаілы (кнігі малога фармату, у якіх сабраныя малітвы, асобныя фрагменты Карана, тлумачэнні рэлігійных абрадаў, парады па лячэнні хвароб і іншае);
- кітабы, у якіх змяшчаліся паданні пра прарока Мухамада, апісанні абрадаў, рытуалаў мусульман, маральна-павучальныя апавяданні і палемічныя творы. У адрозненне ад іншых рэлігійных кніг (у тым ліку тэфсіра, хамаілаў і тэджвідаў) галоўнай функцыяй кітабаў была пазнавальная — яны былі энцыклапедыямі рэлігійных ведаў і даўніх традыцый.
У чым асаблівасці гэтага алфавіту?
Адказ на гэтае пытанне пачнём з прыкладу кітабаў. На арабскі манер яны напісаныя і чытаюцца справа налева. Радок суцэльны, няма падзелу між словамі, вялікіх літар і знакаў прыпынку. Перанос слоў падпарадкоўваецца наступнаму правілу: кожны наступны радок павінен быць роўны з папярэднім.
За плячамі татараў не было традыцый напісання слоў, якія перайшлі па спадчыне з мінулага. Таму яны звычайна запісвалі словы так, як іх чулі. Але ў арабскім пісьме не было некаторых гукаў, якія былі ў старабеларускай мове, — і татары стварылі спецыяльныя літары для перадачы мяккіх «дз» і «ц».
Таксама яны змаглі больш дакладна перадаць дзеканне і цеканне, разнастайныя асіміляцыйныя змяненні, паколькі ў арабскай графіцы былі розныя літары для абазначэння парных гукаў (напрыклад, с — сь, з — зь, д — дзь, т — ць). У выніку гучанне нашай мовы ў татарскіх рукапісах часцяком перадавалася больш дакладна, чым у аналагічных, створаных у той жа час праз кірыліцу або лацінку.
У мову кітабаў трапілі беларуская лексіка (словы «спрэчка», «прысмакі», «згода», «гадаваць»), фразеалогія («як вокам міргнуць», «як слова сказаць», «на свет пусціць», «на пазногаць», «шлюб браць») і сінтаксіс («пайшоў па прароцкую душу», «дзякаваць таварышу»).
Вось тры прыклады транслітарацыі ўрыўкаў з кітабаў (то-бок перадачы арабіцы кірыліцай). Калі вы ведаеце беларускую мову, то для вас не будзе праблемай іх зразумець.
Першы з іх зроблены з тэксту XVII стагоддзя: «Сюлейман казал собі палац вусокій збудова[ц]і <…> алі рыба одна мором плыне і стала <…> рэкла: — Господару Сюлеймане <…> пан Бог казал мні ў [ц]ебе йесь[ц]і піці просі[ц]ь. Сюлейман рэк: — Міла рыба. Праўда. Ото майеш што йесь[ц]і і пі[ц]і».
Наступны тэкст створаны ў XVIII стагоддзі: «Потым йешчэ варота адчынілісе… там відзеў адзін полк жанок <…> - Што гэтыйе на сьвеце чынілі? Ангел рэк: Малако свайе прэдавалі. У йіх усіх свае дзеці былі, свае пакінуўшы, чужыйе мамчылі».
Апошні датаваны XIX стагоддзем: «Што прас сон пабачыш. Калі сонца ўпатуху бачыць, гультайом будзе. Калі езьдзіць на караблі, абернецца, госьць будзе».
Значэнне гэтых тэкстаў яшчэ і ў тым, што ў XVIII — першай палове XIX стагоддзя беларусы сутыкнуліся з паланізацыяй (пасля яе прыйшла на змену русіфікацыя). Мастацкія тэксты на беларускай мове кірыліцай або лацінкай амаль не ствараліся. Творы на арабіцы заставаліся адным з выключэнняў.
Як мы даведаліся пра існаванне арабіцы?
Беларусы сталі вывучаць арабіцу позна. Яе першаадкрывальнікам стаў Антон Мухлінскі, выхадзец з Навагрудскага павета, які быў прафесарам Пецярбургскага ўніверсітэта, пазней — дэканам факультэта ўсходніх моў. З яго кнігі «Даследаванне пра паходжанне і стан літоўскіх татараў», якая выйшла ў 1857-м, пачалося вывучэнне гэтых тэкстаў. Іх урыўкі, у тым ліку з кітабаў, Мухлінскі ўпершыню транслітараваў.
Тады ініцыятыву падхапіў расійскі этнограф-аматар Мікалай Рубяроўскі. Менавіта ён у сваім артыкуле «Некалькі слоў пра татараў» (1867) упершыню заявіў, што татары падвергліся не польскай, а беларускай асіміляцыі і былі нават менш паланізаваны, чым беларусы.
Прарыў ажыццявіў легендарны Іван Луцкевіч — грамадскі дзеяч, палітык, разам з братам Антонам адзін са стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1915-м ён набыў у ваколіцах Вільні (цяпер Вільнюс) кітаб і паведаміў пра тое праз тры гады ў публікацыі.
З таго часу вывучэнне арабіцы не спынялася. Але сапраўдная рэвалюцыя здарылася яшчэ трохі пазней.
«Як Мендэльсон адкрыў Баха, Антон Антановіч зрабіў магчымым сістэматычнае даследаванне беларускай арабіцы», — пісалі пра яго іншыя даследчыкі. Гэты беларускі навукоўца, які працаваў у Віленскім універсітэце, напісаў кнігу «Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма». Ён упершыню ў навуцы распрацаваў сістэму транслітарацыі арабскага пісьма ў сучасную беларускую графіку.
Што захавалася ад арабіцы?
Спадчына беларускіх татар — бібліяграфічная рэдкасць. Напрыклад, цяпер зарэгістраваныя 28 кітабаў, 14 з іх захоўваюцца ў дзяржаўных калекцыях розных краін свету, 14 — у прыватных. У Беларусі адзін асобнік кітаба захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, адзін — у бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ёсць яны і ў прыватнікаў.
Беларускія навукоўцы стварылі электронную бібліятэку матэрыялаў арабіцы, ёсць відэа ўрока па яе вывучэнні, а таксама табліца транслітарацыі, праз якую вы можаце самастойна ператварыць слова з кірылічнага ў арабічнае. Але ў паўсядзённым жыцці беларуская арабіца амаль не сустракаецца.
Чытайце таксама




