Мінсельгасхарч днямі паведаміў, што заробак памерам 1 тысяча даляраў і вышэйшы на вёсцы — «ужо рэальнасць». Аднак дадзеныя рэспубліканскай базы вакансій паказваюць нашмат больш неадназначную карціну: высокія зарплаты сустракаюцца адносна рэдка, а многія прапановы па-ранейшаму ўкладваюцца ў дыяпазон да 2 тысяч рублёў.
Мінсельгасхарч заяўляе, што жыхароў сельскай мясцовасці, задаволеных сваім прыбыткам, становіцца ўсё больш. «Нездарма ўсё часцей чуем гісторыі гараджан, якія перабіраюцца ў вёску. Мяняюцца і ўмовы працы. Магутная тэхніка, механізацыя і аўтаматызацыя сельскай гаспадаркі, новыя тэхналогіі… Адсюль і высокая эфектыўнасць працы, і прыстойныя заробкі», — гаворыцца ў паведамленні ведамства. Тамсама сцвярджаецца, што сітуацыя ў вёсках мяняецца, а разам з ёй — і якасць жыцця.
Пра гэта прэс-служба Міністэрства заяўляе са спасылкай на сюжэт на АНТ, у якім расказваюць, што даярка ў адной з гаспадарак зарабляе 4491 рубель, трактарысты на ўборцы ў верасні атрымлівалі 6277 рублёў, а ў снежні — 3430. У цэлым, як заявілі ў Мінсельгасхарчы, у вёсках ужо рэальна атрымліваць тысячу даляраў. Па курсе Нацбанка на 18 лютага гэта 2854 рублі.
Мы вывучылі папулярныя вакансіі ў сельскай гаспадарцы па спецыяльнасцях, якія часта запатрабаваныя ў вёсках. Высветлілася, што згаданы памер аплаты працы і нават вышэйшы сапраўды можна знайсці. Але даволі часта заробкі ў прапановах нашмат больш сціплыя.
На сайце рэспубліканскай базы вакансій на момант падрыхтоўкі матэрыялу было 1600 вакансій для аператараў машыннага даення, або, як кажуць у побыце, даярак. Па некаторых з іх прапанаваныя заробкі сапраўды дасягаюць 3−4 тысяч рублёў. Напрыклад, 3,8−4 тысячы прапануюць на адной з ферм Мінскай агародніннай фабрыкі ў вёсцы Вялікі Трасцянец (тут і далей сумы пазначаныя да выплаты падаходнага падатку і 1% сацунёскаў). Работніку ці работніцы таксама гатовыя даць пакой у інтэрнаце. Тры такія супрацоўнікі патрэбныя ва «Уздзенскім райаграсэрвісе». Ім гатовыя плаціць 3,5−4 тысячы.
З больш чым 1,5 тысячы такіх вакансій мы налічылі 15 з заробкам ад 3 тысяч рублёў і 23 — ад 2,5 тысячы. У той жа час на сайце размешчана больш за 70 прапановаў, дзе ніжняя планка аплаты на стаўку — ніжэйшая за 1 тысячу рублёў. Шмат вакансій з парогам выплат паміж 1 і 2,5 тысячы рублёў.
Што да трактарыстаў, то больш за 200 прапановаў з 3,8 тысячы стартуюць з заробку да тысячы рублёў. Хоць у гэтым выпадку ёсць і даволі прывабныя прапановы. Напрыклад, у гаспадарцы «Дубравушка-Агра» ў аграгарадку Тамашоўка пад Брэстам такому работніку на стаўку прапануюць 8 тысяч рублёў. Кіроўца спецтэхнікі ў агракамбінаце «Мір» у аднайменным аграгарадку Баранавіцкага раёна можа разлічваць на 4,5 тысячы. А ўжо згаданы вышэй «Уздзенскі райаграсэрвіс» прапануе трактарыстам 3,5−4 тысячы. Зрэшты, усяго вакансій па гэтай спецыяльнасці, дзе аплата стартуе ад 3 тысяч рублёў, мы налічылі на сайце менш за 40 — і не ўсе яны ў сельскай гаспадарцы.
Таксама ў базе размешчаныя сотні абвестак пра пошук аграномаў. У дапаможнай гаспадарцы Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната галоўнаму аграному гатовыя плаціць 7 тысяч рублёў. У ААТ «Жураўлінае» з аграгарадка Клепачы побач з Пружанамі такому ж спецыялісту прапануюць 6 тысяч. У сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Ларынаўка» аднайменнага аграгарадка ў Аршанскім раёне — ад 5 да амаль 5,4 тысячы. А звычайнаму (не галоўнаму) аграному больш за ўсё гатовыя плаціць у кампаніі «Банэці», вытворчасць якой размешчаная ў Бялыніцкім раёне, — 4,5 тысячы рублёў.
Але ёсць прапановы і істотна больш сціплыя. Так, у сельгаспрадпрыемстве «Міхалінскі» ў горадзе Клімавічы новы галоўны аграном можа разлічваць усяго на 858−2257 рублёў пры ўмове працы на поўную стаўку. Такому ж супрацоўніку, які спецыялізуецца на абароне раслін, у вёсцы Чырвоная Дуброва Рэчыцкага раёна могуць плаціць 858−1279 рублёў.
З больш чым 470 вакансій аграномаў як мінімум 200 прапануюць заробак з верхняй планкай, не вышэйшай за 2 тысячы рублёў.
У той жа базе таксама ёсць больш за 630 прапановаў для заатэхнікаў. У гэтым выпадку разбежка таксама вялікая: ад мінімалкі ў 858 рублёў на стаўку да больш чым 8 тысяч — столькі гатовыя плаціць галоўнаму заатэхніку ў агракамбінаце «Юбілейны», які размешчаны ў вёсцы Кушаўка Аршанскага раёна. 4 тысячы могуць плаціць такому спецыялісту ў навучальна-эксперыментальным сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Путрышкі» Гродзенскага раёна. А на прадпрыемстве «Бродзец» у аднайменным аграгарадку пад Беразіном можна разлічваць на аплату ўсяго ў 1,5−1,8 тысячы рублёў.
Агулам больш за 55 вакансій для такіх спецыялістаў з мінімальным заробкам ад 3 тысяч рублёў. Больш за 120 — з аплатай ад 2 тысяч. Па астатніх ніжняя планка недацягвае да гэтай сумы.
Чытайце таксама






