Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант прызнала, што пасля адмовы Мікалая Статкевіча пакінуць Беларусь яго, нягледзячы на рашэнне пра «памілаванне», вярнулі ў турму. Там у палітыка здарыўся інфаркт галаўнога мозгу. Былы адвакат Дзмітрый Лепрэтар растлумачыў «Люстэрку», якія артыкулы Крымінальнага кодэкса парушылі ўлады і чаму гэта можа кваліфікавацца як злачынства супраць чалавечнасці.
Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч 19 лютага ў сацсетках паведаміла, што ў калоніі ў палітыка адбыўся інсульт. Наталля Эйсмант назвала дыягназ «інфарктам галаўнога мозгу». Інфаркт мозгу — гэта медыцынская назва самага распаўсюджанага тыпу інсульту — ішэмічнага (каля 87% выпадкаў згодна з артыкулам Форшынга Луі, Махамеда З. Хана Сухеба і Ларысы Паці ў Нацыянальнай медыцынскай бібліятэцы ЗША).
Наталля Эйсмант пракаментавала выхад Статкевіча на волю расійскім прапагандысцкім СМІ і заявіла, што рашэнне памілаваць палітыка Лукашэнка прыняў «ужо даўно». Аднак палітвязень адмовіўся выязджаць з краіны і «вярнуўся ў турму». З таго часу ў асуджанага пачаліся праблемы са здароўем, у прыватнасці, здарыўся інфаркт галаўнога мозгу.
Дзмітрый Лепрэтар кажа, што Эйсмант фактычна пацвердзіла, што ўсё, што адбывалася са Статкевічам з моманту яго знікнення з беларуска-літоўскай мяжы, было па-за межамі прававога поля. У тым ліку і ўтрымліванне ў месцах пазбаўлення волі.
— Калі ўказ пра памілаванне быў падпісаны да з’яўлення Статкевіча на мяжы 11 верасня 2025 года, то ніякіх прававых падставаў для далейшага ўтрымання яго ў турме ці дзе-кольвек яшчэ не было, — падкрэслівае юрыст. — Калі б Статкевіч быў перазатрыманы па нейкай іншай крымінальнай справе, гэта стала б вядома сваякам, бо ім паведамляюць пра затрыманне. Тут такога не было. Я нагадаю, што пасля знікнення Статкевіча ніхто наогул не ведаў, дзе ён знаходзіцца, і гэта было прадметам шматлікіх запытаў, у тым ліку міжнародных органаў і спецпрацэдур ААН.
Экс-адвакат звяртае ўвагу, што ў дзеяннях службовых асоб, якія вярнулі «памілаванага» палітыка за краты, могуць быць угледжаныя прыкметы парушэння адразу некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Так, КК прадугледжвае адказнасць за выкраданне чалавека. Такія дзеянні, якія прывялі да істотнай шкоды здароўю пацярпелага, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да 15 гадоў са штрафам (частка 3 арт. 192 КК).
Акрамя таго, у дзеяннях службовых асоб угледжваюцца прыкметы перавышэння ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК), якія прывялі да цяжкіх наступстваў і былі спалучаныя з гвалтам, пакутамі пацярпелага. Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.
— Кваліфікацыю, калі па-добраму, мусіць даць спачатку следчы, а потым — суд. Аднак я б казаў пра шырэйшы кантэкст: усё гэта ўкладаецца ў дзяржаўную палітыку, скіраваную на жорсткае, грубае, масавае парушэнне правоў чалавека і ўціск грамадзянскай супольнасці. А гэта ўжо злачынствы супраць чалавечнасці. За гэта можа надысці адказнасць паводле міжнароднага права, — адзначае Дзмітрый Лепрэтар.
Чытайце таксама







