На аўкцыёне «БелЮрЗабяспечання» 24 лютага спрабавалі прадаць зямельны ўчастак у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Яго ўладальнікам пазначаны Генрых Акалатовіч — поўны цёзка экс-палітзняволенага святара. Але ахвотных набыць гэты лот не знайшлося. Паводле звестак «Люстэрка», гэта не адзіная маёмасць, якую арыштавалі ў ксяндза.
Нашая крыніца, знаёмая з сітуацыяй, пацвердзіла, што ўчастак зямлі плошчай амаль 12 сотак у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна, сапраўды належыць экс-палітвязню Генрыху Акалатовічу. Паводле інфармацыі «Люстэрка», абцяжаранне накладзенае таксама на дом святара, які знаходзіцца побач, і ўчастак, на якім ён размешчаны. Гэтыя меры да яго нерухомасці ўжылі яшчэ ў ліпені 2025 года, калі ксёндз знаходзіўся за кратамі.
Таксама ў пачатку лютага з малатка за 12 852 рубла прадалі аўтамабіль, імаверна, гэтага ж святара. У апісанні лота гаварылася, што на яго накладзены арышт КДБ.
Нагадаем, асуджаныя ў Беларусі каталіцкія святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч выйшлі на волю 20 лістапада мінулага года «па памілаванні». Раней суд асудзіў іх на 11 і 13 гадоў зняволення адпаведна па артыкуле пра здраду дзяржаве. Пасля вызвалення іх вывезлі ў Ватыкан.
У студзені гэтага года стала вядома, што Акалатовіча і Юхневіча размясцілі ў адным з манастыроў у Рыме, пісала выданне katolik.life. Ніякай інфармацыі ад саміх святароў з моманту іх выезду з Беларусі не было. Паводле звестак выдання, гэта звязана з тым, што ў іх не было ніякіх сродкаў сувязі, а таксама з тым, што яны выконваюць зарок маўчання. Як паведамлялася, у Ватыкане яны далі абяцанне, што як мінімум год пасля вызвалення не будуць рабіць ніякіх заяваў, выступаў і займацца якой-кольвек публічнай дзейнасцю. Хто ініцыяваў гэтую дамову, вернікам дакладна не вядома, пісала выданне ў студзені гэтага года.
Чытайце таксама






