Пасля снежаньскага скачка сярэдні заробак у студзені традыцыйна знізіўся. У мінулым месяцы ён склаў 2 757,1 рубля, вынікае са звестак Белстата. Гэта на 355,6 рубля менш, чым было ў снежні мінулага года.
Белстат публікуе звесткі пра заробак да выліку падаходнага падатку (13%) і абавязковых страхавых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (1% з заробкаў работнікаў). То-бок на рукі ў студзені беларусы ў сярэднім атрымалі блізу 2371 рубля.
У Мінску сярэдні заробак да выплаты падаткаў склаў 3 747,8 рубля. У Мінскай вобласці — амаль на 1 тыс. менш, а менавіта 2 789,3 рубля.
Следам ідуць:
Гродзенская вобласць — 2 411,4 рубля;
Гомельская вобласць — 2 400,8 рубля;
Брэсцкая вобласць — 2 399,6 рубля;
Віцебская вобласць — 2 307,1 рубля;
Магілёўская вобласць — 2 271,9 рубля.
Калі глядзець па галінах, то аўтсайдарам застаецца адукацыя, дзе да выплаты падаткаў у сярэднім атрымліваюць 1 990,2 рубля. Следам з хваста ідуць паслугі па часовым
пражыванні і харчаванні — 2 077,4 рубля. У ахове здароўя і сацыяльных паслугах — 2322 рублі. У прамысловасці ў сярэднім зараблялі 2 811,6 рубля, а ў будаўніцтве — 3 177,1.
Першыя па даходах такія галіны, як інфармацыя і сувязь (6536,4 рубля) і фінансавая і страхавая дзейнасць (4799,3 рубля).
Нагадаем, у снежні мінулага года сярэдні заробак па краіне быў 3 112,7 рубля, а ў лістападзе — 2 703,7 рубля.






